Агульныя звесткі
Легіён Марыі - гэта самая вялікая апостальская арганізацыя свецкіх католікаў, якая дзейнічае практычна ў кожнай краіне свету і налічвае больш за 3 млн актыўных і каля 10 млн дапаможных легіянераў.
Легіён Марыі мае на мэце абвяшчэнне хвалы Божай і імкненне да асабістай святасці праз малітву і апостальскую працу. Легіянеры заўсёды ідуць ўдвух як да няверуючых так і да ахрышчаных, якія страцілі сэнс веры і прысутнасці ў Касцёле. Арганiзацыя заснавана Фрэнкам Дафам у Дубліне 7 верасня 1921 года напярэдадні свята Нараджэння Багародзіцы. Легіён Марыі быў усхвалены 7 апошнімі Папамі і падтрыманы Другім Ватыканскім Саборам.
30 кастрычніка 1982 года Папа Ян Павел ІІ сказаў пра гэты рух наступныя словы: «Легіён Марыі на працягу шасцідзесяці гадоў хутка распаўсюдзіўся па свеце і сёння (...), пасля смерці свайго заснавальніка Фрэнка Дафа, існуе ў многіх дыяцэзіях паўсюднага Касцёла. Вы з'яўляецеся рухам свецкіх людзей, якія імкнуцца зрабіць веру лейтматывам свайго жыцця, аж да дасягнення асабістай святасці. Вашае пакліканне (...) быць закваскаю сярод Божага народу. Яно адначасова з'яўляецца хрысціянскім натхненнем да дзейнасці ў сучасным свеце, а таксама пакліканнем да таго, каб набліжаць святара да людзей, і з адказнасцю адносіцца да асноўных заданняў Касцёла. Ваша актыўная дзейнасць легіянераў становіцца яшчэ больш пільнаю справаю, калі параўнаем, з аднаго боку, патрэбы грамадства (...) і патрэбы народаў (...), а з другога - светлыя прыклады тых, хто перад вамі прайшоў праз ваш Рух. (...) Ваша духоўнасць - гэта цалкам марыйная духоўнасць (...), іншымі словамі, вы імкнецеся служыць у духу і з клопатам Марыі кожнай чалавечай асобе, якая з'яўляецца вобразам Хрыста».
На сённяшні дзень Легіён Марыі мае траіх кандытадаў да хвалы алтара: Слугу Божага Фрэнка Дафа, благаславёную Эдель Куін, Слугу Божага Альфонса Лэмба.
У Беларусі гэты рух пачаў дзейнічаць з 1994 года і зараз працуе ў Баранавічах, Маладзечне, Віцебску, Гродне, Брэсце, Магілёве, Мазыры, Лельчыцах, Барысаве, Лідзе, Глыбокім, Вілейцы, Стаўбцах, Жодзіне, Хойніках, Пінску, Смаргоні і г. д. У Мінскай Архікатэдры першы прэзідыум (група актыўных легіянераў) быў заснаваны ў 1996 г. Сёння легіянеры з гэтага прэзідыума наведваюць бальніцы, скверы, вакзал, студэнцкія інтэрнаты, дом састарэлых, абортныя аддзяленні бальніц, ратуючы самых маленькіх і самых безабаронных, а таксама дапамагаюць пры парафіі. Пры наведваннях яны гавораць аб важнасці духоўнага жыцця, прымання Святых Сакрамантаў, распаўсюджваюць каталіцкую літаратуру, медальёны Маці Божай. Трымаючыся Беззаганнай Маці і наследуючы Яе пакору, легіянер ідзе з Ёю на заданне, каб прывесці кожную душу да Хрыста. Ідзе да хворых, каб падрыхтаваць шлях святару, які прынясе Езуса ў Святой Камуніі, разам з іншымі легіянерамі наведвае духоўна занядбаных парафіянаў. Можна смела сказаць, што праз заступніцтва Яна Хрысціцеля (аднаго з апекуноў Легіёну Марыі) яны прастуюць сцежкі для Пана.
Тых, хто зацікавіўся рухам Легіёну Марыі, сардэчна запрашаем на спатканні ў Мінскай Архiкатэдры, якія адбываюцца кожны панядзелак а 19 г. 30 хв. у катэхетычным класе.
E-mail: legion-of-mary@tut.by
Web: http://legionmaryi.blog.tut.by